АШМЯ́НСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,
Ашмянскія грады, фізіка-геагр. раён Беларускай грады. На ПнУ Гродзенскайі З Мінскай абласцей. Мяжуе з Нарачана-Вілейскай нізінай на Пн, Мінскім узв. на У, Верхнянёманскай ніз. на Пд, Лідскай раўнінай на ПдЗ. Выцягнута з ПнЗ на ПдУ да 110 км (заходзіць у Літву як Мядзінінкскае ўзв.), шыр. да 40—50 км. Далінай Зах. Бярэзіны аддзяляецца ад Мінскага ўзв., з якім генетычна звязана. Над суседнімі нізінамі ўзнімаецца на 75—150 м. Найб. выш. 320 м над узр. м. — г. Мілідаўская (за 2 км на ПнУ ад в. Крэва Смаргонскага р-на). Пл. каля 4 тыс. км². Ашмянскае ўзвышша — франтальныя ледавіковыя грады і вуглавы масіў, якія ўзніклі пры шматразовым насоўванні краю ледавіка вілейскай і мяркінскай лопасцяў у час Ашмянскага стадыяла перадапошняга зледзянення; зах. галіна адзінага амфітэатра канцавых марэнных утварэнняў, якія прадаўжаюцца на Пн па зах. перыферыі Мінскага ўзв. (да Докшыц). Прымеркавана да Валожынскага грабена і паўтарае яго арыенціроўку.
У будове ўзвышша пераважаюць адклады ніжняга і сярэдняга (1/2 магутнасці) антрапагену. З паверхні складзена з пяскоў, супескаў і суглінкаў з уключэннямі жвіру, галькі і валуноў (трапляюцца вельмі буйныя, гл. «Асілак») дняпроўскага зледзянення, з лёсападобных і зандравых адкладаў паазерскага зледзянення, азёрных, алювіяльных і балотных утварэнняў паазерскага і галацэнавага часу. Карысныя выкапні: цагельна-чарапічныя гліны, буд. пяскі і пясчана-жвіровы матэрыял, торф.
У рэльефе вылучаецца не менш як 5 кулісападобных градаў шыр. ад 1—1,5 да 5—7 км, якія складзены з гляцыядыслакаваных пародаў са шматлікімі адорвенямі і маюць скібава-складкавую структуру. Градава-ўзгоркавы і ўзгоркава-ўвалісты рэльеф са стромкімі (пераважна паўд.-зах.) схіламі мае адносныя вышыні ад 15—20 да 50—60 м (найб. выразны на ПнУ ад г. Ашмяны). Міжградавыя паніжэнні заняты даліннымі зандрамі і азёрна-алювіяльным рэльефам паазерскага зледзянення. Трапляюцца асобныя камы і лімнакамы, озавыя грады (найчасцей у паніжэннях). На стромкіх схілах развіты яры глыб. 3 м, даўж. 0,5 км. Узвышша пераразаюць скразныя даліны Бярэзіны паміж в. Гародзькі і Сакаўшчына Валожынскага р-на Мінскай вобл., Ашмянкі на ўчастку ад г. Ашмяны да в. Солы Смаргонскага р-на Гродзенскай вобласці і інш. Вярхоўі рэк Ашмянка і Альшанка звязаны затарфаванай далінай прарыву шыр. 11 км. Рэкі адносяцца да бас. Нёмана. Прытокі Віліі дрэніруюць паўн.-ўсх. (Ашмянка і Уша) і зах. (Мяркіс) схілы, на паўд.-зах. схіле пачынаюцца р. Гаўя з прытокамі Жыжма і Клява, Альшанка і інш. прытокі Зах. Бярэзіны. Т-ра студз. -6,6 °C, ліп. 17,1 °C, ападкаў 650—700 мм за год. Глебы найб. урадлівыя ва ўсх. ч. — дзярнова-палева-падзолістыя на лёсападобных суглінках, на астатняй тэр. дзярнова-падзолістыя на марэнных супесках і водна-ледавіковых пясках, у поймах алювіяльныя, у міжградавых паніжэннях і на месцы былых азёраў тарфяна-балотныя. Лясы (36% тэр.) захаваліся на невял. участках, найб. на З у вярхоўях Мяркіса і Альшанкі, — субары, яловыя, бярозава-асінавыя і алешнікі. Лугавая расліннасць (каля 25% тэр.) злакава-разнатраўная, разнатраўная і асаковая. Разарана каля 32% тэрыторыі. Ашмянскае ўзвышша мае адметныя краявіды, асабліва каля в. Кушляны Смаргонскага р-на і в. Жупраны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл.
М.Я.Камароўскі.
т. 2, с. 166
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)